Войти с помощью: 
Войти с помощью: 
Пароль будет отправлен вам на e-mail.

Бинокль” працягвае падводзіць вынікі мінулага года і знаёміць вас з творамі беларускіх пісьменнікаў, якія вартыя для прачытання.


 Сапраўды, 2016 год у нашай краіне прайшоў пад знакам культуры. Цяжка судзіць аб тым, што ўдалося, а што не, хай гэтым займаюцца канапавыя і іншыя кампетэнтныя ў гэтым пытанні эксперты. У чым мы ўпэўнены на сто адсоткаў, дык гэта ў тым, што 2016 год быў вельмі багаты на якасныя і цікавыя творы беларускіх аўтараў. Таму было б вельмі няправільна прайсці міма сучаснай айчыннай літаратуры, якая з кожным годам усё больш пачынае прабуджацца ад летаргічнага сна. У сувязі з гэтым вось вам пяць кніг, на якія зусім не шкада патрачанага часу.

Альгерд Бахарэвіч. Белая муха, забойца мужчын

Раман аўтара хоць і выйшаў напрыканцы 2015 года, але згадаць яго трэба абавязкова, бо за 9 месяцаў 2016 года былі прададзеныя ўсе 300 асобнікаў кнігі, а 1 лістапада кніжныя крамы пабачылі другі наклад рамана. Новы твор Бахарэвіча трапіў у шорт-ліст прэміі Гедройца і з’яўляецца адным з самых спампоўваемых на сайце kniharnia.by. Запытаецеся, чаму? Уся справа ў сюжэце рамана, дзе галоўнымі героямі з’яўляюцца банда дзевак, якія вырашылі кінуць выклік патрыярхальнаму грамадству пасродкам захвату цэлага турыстычнага аб’екта. Кніга чытаецца на адным дыханні і з’яўляецца, як сказаў сам аўтар на прэзентацыі, “феменісцкім раманам ад адного з самых патрыярхальных пісьменнікаў Беларусі цяперашняга часу”.

Віктар Марціновіч. Возера радасці

Кожны раман гэтага пісьменніка не пакідае раўнадушнымі людзей, якія цікавяцца айчыннай літаратурай. Марціновіч — адзін з нешматлікіх беларускіх пісьменнікаў, якія на пісьменніцтве зарабляюць грошы. Хтосьці кажа, што пісьменніка зашмат, хтосьці жаліцца на вялікія і цяжкія сказы, але той факт, што Віктар Валер’евіч з’яўляецца адным з галоўных пісьменнікаў сучаснасці, немагчыма адмаўляць. Вось і апошні раман аўтара з’яўляецца яскравым таму прыкладам. Сюжэт кнігі разгортваецца вакол маладой дзяўчыны Ясі, якая з’яўляецца дачкой вельмі важнага і ўплывовага ў дзяржаве чалавека. На працягу рамана Яся існуе па прынцыпу “трэба жыць як набяжыць” і не вельмі супраціўляецца навакольным абставінам і соцыуму. Гэта пятая кніга Марціновіча, і, па словах аўтара, яна з’яўляецца самым галоўным і грунтоўным творам з тых, што ён стварыў.

Макс Шчур. Завяршыць гештальт

Яшчэ адна кніга, якая пабачыла свет напрыканцы 2015 года (для шырокага кола чытачоў яна стала даступнай ў 2016 годзе), вартая нашай увагі. Па-першае, Макс Шчур нарадзіўся ў Берасці і, адпаведна, з’яўляецца нашым земляком. Па-другое, за гэты твор пісьменнік атрымаў прэмію Гедройца, якая з’яўлецца, бадай, самай галоўнай літаратурнай узнагародай краіны. Сам твор прадстаўляе сабой дзённік падарожжа чалавека, які трымае свой шлях з Чэхіі ў Галандыю. Па дарозе герой сустракае людзей з розных краін свету, знаёміцца з імі і абмяркоўвае паўсядзённыя пытанні. Ён перакананы ў тым, што галоўная сустрэча жыцця чакае яго ў Амстэрдаме.

Зянон Пазьняк. Палын-палын

Шмат каму Зянон Пазьняк вядомы па публіцыстычных творах і сваёй палітычнай дзейнасці. Менавіта дзякуючы яму ўсе даведаліся пра Курапаты. Пазьняк жыве і працуе ў ЗША, а адносна нядаўна быў прадстаўлены яго першы буйны празаічны мастацкі твор пад назвай “Палын-палын”. Дзеянне рамана пачынаецца ў 30-я гады XX стагоддзя на Віленшчыне і працягваецца ў 40-60-я гады на тэрыторыі БССР. Сюжэт разгортваецца вакол людей, якія жывуць пад саветамі. На старонках рамана паказана рэчаіснасць рэжыму з усімі яго норавамі ды парадкамі. І хоць гэта мастацкі твор, сярод герояў ёсць прататыпы людзей, якія жылі ў той час і змагаліся за адраджэнне сваёй Бацькаўшчыны – гэты раман, у першую чаргу, пра іх.

Сяргей Пляскач. Шоу працягваецца.

Сяргей Пляскач нейкі час працаваў настаўнікам у школе Талачына, а пасля намеснікам дырэктара раённай гімназіі. Можа, менавіта гэта сыграла сваю ролю ў тым, што яго новы раман распавядае гісторыю беспрацоўнага настаўніка Мірановіча. Дзеянні твора разгортваюцца ў беларускай правінцыі, дзе нічога не адбываецца, а начальства па-ранейшаму практыкуе савецкія метады кіравання і імкнецца кантраляваць усе сферы жыцця чалавека. Расчараваны гэтым усім, Мірановіч жадае аднаго — каб яго не чапалі і далі пакорпацца ў бульбе. Але лёс складваецца так, што менавіта беспрацоўны настаўнік аказваецца ў эпіцэнтры падзей.

 

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Правовая информация

ООО БИНКЛБАЙ УНП 291432476

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: