Войти с помощью: 
Войти с помощью: 
Пароль будет отправлен вам на e-mail.

Бінокль” схадзіў на двухгадзінны сеанс сярэднявечнай музычнай тэрапіі ад гурта Стары Ольса і распавядае, чаму гэты канцэрт можа прэтэндаваць на адзін з лепшых у гэтым годзе


Ужо які год запар можна чуць, што рок-музыка свой век аджывае. Маўляў, нічога новага не з’яўляецца, а ад рок-выканаўцаў цягне цвіллю і нафталінам. Куды прывабней на гэтым фоне выглядаюць хіп-хоп з электронікай, якія выходзяць на першы план музычнай індустрыі. Што тады казаць пра гурты, якія звяртаюцца да традыцый нават не XX стагоддзя, а эпохі Сярэднявечча? Застаецца ім падзякаваць, што не ныюць і працягваюць займацца сваёй справай з перфекцыянісцкім падыходам. Адным з такіх калектываў з’яўляецца Стары Ольса, які напрыканцы сакавіка вярнуўся з двухмесячнага туру па ЗША. З 1999 года музыкі выпусцілі 15 альбомаў і ў гэтую суботу прыехалі ў Берасце з прэзентацыяй апошняга пад назвай «Вада, хмель і Солад».

Спачатку канцэрт павінны быў адбыцца ў АГКЦ, але за некалькі дзён быў перанесены ў тт «Фантазія». Гурт і прома-суполка «Зала чакання» зрабілі ўсё магчымае, каб на выступ прыйшло як мага больш людзей. Дзеткам любога ўзросту і імяніннікам, чый дзень народзінаў прыйшоўся на тыдзень перад канцэртам, уваход быў вольны.

Як ты мог ужо здагадацца па назве, новы альбом Старога Ольсы прысвечаны напою сапраўдных ліцвінаў — піву. У гурта з цягам часу назапасілася даволі шмат застольных песен, і ў гэтым альбоме яны былі аб’яднаныя. Заснавальнік калектыву Зміцер Сасноўскі растлумачыў, што застольныя песні (і ўвогуле застолле) у беларусаў — гэта не пра пітво, а пра гісторыю, культуру, стасункі і размовы з сябрамі.

Кожную сваю кампазіцыю гурт прадстаўляў. Рабіў гэта з гумарам, цікавосткамі і непасрэднай размовай з слухачамі. Здаецца, такіх бы выкладчыкаў гісторыі Беларусі ў школу. Глядзіш — нават самыя абібокі дайшлі да эпохі ВКЛ і Рэчы Паспалітай пры падрыхтоўцы да экзаменаў.

Калі не верыш, то вось табе цікавы факт ад гурта. Знакаміты і паважаны беларускі філолаг Адам Мальдзіс яшчэ ў 80-я годы XX стагоддзя напісаў нарыс «Шляхі вялі праз Беларусь». Ён змяшчае ў сабе ўспаміны падарожнікаў, якiя ехалі праз Беларусь у XV-XVIII стагоддзях. Так, нехта заўважыў, што на тэрыторыі Беларусі людзі не п’юць ваду. Замест яе піва, ці на худы канец — квас. Дарэчы, адзін падарожнік пад Берасцем папрасіў у людзей вады, на што яму тыя адказалі: «Мы не жабракі» і прынеслі піва.

Так музыкі прадставілі сваю аднайменную песню з новага альбома. Беларусы заўсёды казалі, што сапраўднае піва складаецца з трох інгрэдыентаў: вады, хмелю і соладу. Калі ёсць нешта яшчэ — гэта піўны напой. Зал на такія лекцыйныя хвілінкі (да і на сам выступ музыкаў) рэагаваў бадзёрымі і працяглымі апладысментамі. Здавалася, што людзі нарэшце прачнуліся пасля зімняй спячкі і зноў пачалі сваю актыўнасць.

Пра жвавасць і добразычлівасць публікі казала размова гурта з ёю. На ўсе пытанні людзі адказвалі хорам, на што Зміцер пажартаваў: «Ці не прылічаць канцэрт да мітынгу?». Дыялог гурта з людзьмі — гэта не толькі частка выступу, але і неабходнасць для налады інструментаў. Гурт выкарыстоўвае музычныя прылады, максімальна набліжаныя да арыгіналу і вельмі адчувальныя да знешніх умоў. Таму пасля выканання кожнай кампазіцыі трэба пэўны час для іх падрыхтоўкі. Адсюль і сярэднявечная прымаўка пра дудара, які жыве 80 гадоў, усё жыццё займаецца наладай дуды, але ўвесь час грае на разладжаным інструменце.

Гуслі, лютня, цыстра, ліра, рэбек, дуда, барабаны — толькі частка тых інструментаў, на якіх грае гурт. Музыка Старога Ольсы (калі ты яшчэ дагэтуль іх не чуў) гучыць бадзёра, быццам заклікае прапусціць куфаль піва ды пайсці спачатку на крыжакоў, а пасля на маскавітаў. Пры гэтым яна дастаткова павольная: у Сярэднявеччы не рабілі хуткіх твораў, каб не распляскаць кроплі каштоўнага пеннага напою.

Таму і танцы ад прысутных людзей былі павольныя і аддавалі той самай атмасферай сапраўднай ліцвінскай карчмы. Ніякага слэму і сайкл-піту (хіба што ад шчаслівых дзетак, якія бегалі па зале) — толькі шляхецкі кансерватызм і трошкі рыцарства.

Канцэрт складаўся з дзвух аддзяленняў. Паміж імі можна было набыць мерч гурта па спецыяльным для Берасця кошце: так, цішоткі каштавалі ўсяго 18 рублёў. Другая частка выступу пачалася з культавай «У карчме», якая задала энергіі і бадзёрасці. Той, хто прытупваў нагой, — пусціўся ў пляс. Хто проста стаяў — пачаў пакрыху варушыць сцёгнамі.

Усё мусіла скончыцца «народнай» аўстралійскай песняй «Highway to hell» — каверам на знакамітых AC/DC, але берасцейцы настойліва скандавалі «яшчэ». Гэта было неверагодна: у апошні раз так энергічна крычалі на канцэрце Дзецюкоў. Гурт выйшаў і без лішніх слоў давёў берасцейцаў да найвышэйшай кропкі музычнай эйфарыі.

Суботні канцэрт — удар па скептыкам і крытыкам усяго беларускага. Нягледзячы на тое, што Стары Ольса грае далёка не мэйнстрым, на канцэрт прыйшла дастатковая колькасць людзей. Дастатковая настолькі, каб пасля ганарыцца горадам і публікай. Стары Ольса — гэта не проста музычны medieval-праект. Гурт робіць для папулярызацыі беларускай культуры, мабыць, больш, чым усе наша аднайменнае міністэрства.

Пераклады сярэднявечных тэкстаў на беларускую мову, туры па ЗША і Еўропе, аўтэнтычны гук, заснаваны на базе Полацкага і Віленскага сшыткаў, дазваляюць людзям даведацца пра самы цікавы перыяд у гісторыі Беларусі. Канцэрт такога гурта — найлепшая альтэрнатыва для настаўнікаў: лепш бясплатна дзяцей прывесці на цікавы лікбез пра Вялікае Княства Літоўскае, чым за грошы глядзець чарговую агітку ад «Беларусьфільму».

Фота — Раман Чмель

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Правовая информация

ООО БИНКЛБАЙ УНП 291432476

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: