Войти с помощью: 
Войти с помощью: 
Пароль будет отправлен вам на e-mail.

Палессе — наша ўсё. Гэта не толькі край, дзе вырошчваюць гуркі, збіраюць журавіны і дзе знаходзіцца фабрыка цацак пад аднайменнай назвай. Палессе — унікальная частка Беларусі са сваёй містыкай, гісторыяй і, канешне ж, са сваімі традыцыямі. Дзякуючы Берасцейскаму АГКЦ нам удалося паназіраць за адной з самых цікавых частак жыцця палешука — вячоркамі.


У век каворкінгаў, крэатыўных кластэраў і арт-прастораў мала хто ведае, што гэта такое. Тыя, каму больш за 25 гадоў, могуць памятаць душэўную тэлеперадачу «Запрашаем на вячоркі». Яна добра адлюстроўвала традыцыю, якая захоўваецца па сённяшні дзень. І вось, увечар серады, каля сотні чалавек прыйшлі паглядзець на тое, як ладзілі вольны час палешукі.

Адмыслова для такой імпрэзы была выбрана восень. Менавіта ў гэтую пару года сяляне завяршаюць асноўную працу на полі. Пакуль ёсць час да Піліпаўскага паста — яны весяляцца. У малой залі АГКЦ быў накрыты стол, на якім стаялі прысмакі хатняга гатунку. Якія вячоркі без сапраўднай вячэры? Дарэчы, калі мы шлі сюды, то думалі, што гэта будзе звычайны канцэрт, на якім проста пачастуюць караваем. Ніколі мы так не памыляліся!

Неўзабаве з’явіўся першы калектыў «Дударыхі» з вёскі Валішча Пінскага раёна. Дарэчы, Пінскі раён быў каралём вячорак: усе ўдзельнікі адтуль. З першых словаў стала зразумела, што гэта не проста канцэрт, а цэлы інтэрактыўны спектакль. Так, удзельнікі калектыву пачалі рашчыняць каравай, кідаючы ў дзяжу неабходныя прадукты. Мука, яйца, цукар — усё як па рэцэпту.

«Кладзем масла, каб у нашых дзетак была доля шчасна», — прыгаворвалі жанчыны і мясілі цеста. Далей каравай клалі ў печ, а жанчыны спявалі. Каравай пяклі на вяселле, і, калі ён быў гатовы, ставілі ў камору, дзе ён чакаў свайго часу. На Палессі вяселле маглі граць больш тыдня — і гэта было звычайнай нормай.

Пасля таго, як рытуал з караваем закончыўся, жанчыны селі за стол і пачалі вячоркі. Мы назіралі з захапленнем: усе, як у жыцці, і ніякай фальшы. Тут нават заслуга не ў акторскай гульне, а ў сапраўднасці герояў. Хоць выступаючыя калектывы і з’яўляюцца народнымі, але яго удзельнікі — звычайныя людзі з палескіх балот. Напачатку песні былі сумныя, размовы паміж імі — таксама. «Мужык як нап’ецца, то я не магу даць рады ды іду да суседкі», — кажа адна з удзельніц і пачынае песню пра долю.

Хутка дзверы адчыняюцца, і ў хату ўваходзіць калектыў «Чабатухі» з вёскі Сташаны. «Мы пачулі, што тут спяваюць. Нам таксама хочацца», — кажуць удзельніцы і садзяцца за стол. Хоць вёскі з аднаго раёну, але ў кожнай свае асаблівасці, у тым ліку і ў выкананні песен. Так, удзельніцы калектыву распавялі сваім калегам, што ў іх вёсцы пасля вячэры ўся сям’я выходзіць на вуліцу і спявае песні. Размовы паміж кампазіцыямі толькі прыдавалі ўтульнасці вечару. Здавалася, што за акном завея і пасля вячорак можна будзе залезці на печку і салодка заснуць.

«А зараз паспяваем, як нашыя маткі спявалі», — кажуць удзельніцы двух калектываў і сумесна пачынаюць спяваць. Падчас гэтага адна з жанчын частуе гасцей сапраўднымі журавінамі з палескіх балот. Такія лампавасць і ўтульнасць была парушана калектывамі «Грымата» і «Церабяначкі», якія таксама завіталі на вячоркі з музыкальнымі інструментамі — гармонікам і барабанам.

Ніводныя вячоркі не абыходзяцца без танцаў. Гэтыя — таксама. Удзельнікі чатырох калектываў пусціліся ў скокі, а разам з імі і некаторыя з гледачоў. Цвіком праграмы стаў танец хіната. Як пасля мы даведаліся, гэтаму танцу удзельніц калектыву «Дударыхі» навучыла старэйшая жыхарка вёскі Валішча. Гэты танец так спадабаўся гледачам, што яго выканалі на «біс». Ён і стаў вясёлай і бадзёрай фінальнай кропкай для вячорак. Пасля былі словы падзякі і запрашэнні да стала: частавацца палескімі прысмакамі.

Гэта быў цудоўны вечар, на якім людзі змаглі цалкам бясплатна адчуць велічнасць і непадробнасць культуры палешукоў. Такія калектывы на вес золата: яны захоўваюць нематэрыяльную спадчыну краіны. Унікальнасць такіх песен у тым, што яны ніколі не згубяць сваю актуальнасць. У кожнай краіне фальклор — частка музыкальнага рынку. Мы не выключэнне. Калі нехта адносіцца да падобных мерапрыемстваў са скепсісам, то яму трэба памятаць: без такіх калектываў не было б гуртоў Shuma, Relikt, Znich, Kriwi — спіс можа быць бясконцым. Таму дзякуй, Палессе, і, дзякуй, палешукі за ваш багаты культурны бэкграўнд.

Фота — Раман Чмель

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Правовая информация

ООО БИНКЛБАЙ УНП 291432476

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: