Войти с помощью: 
Войти с помощью: 
Пароль будет отправлен вам на e-mail.

Бінокль» падрыхтаваў рэпорт з месца падзеяў.


«Восень, верасень, панядзелак, ранак», — цэлы дзень у маёй галаве грала песня з апошняга альбому культавых Deviation. Надвор’е не пагаджалася са мною і на 75 адсоткаў выдавала супрацьлеглы вынік. «Восень, кастрычнік, нядзеля, вечар» — вось, што падказваў асабісты восеньскі аплет Шуфутынскага. Але, калі адгрэбсці ўсе жарты, у заходнюю сталіцу Беларусі нарэшце прыехаў панк-рок. Панк-рок з другой заходняй сталіцы — Гародні.

Dzieciuki — гурт малады, але з вялікім бэкграўндам: частка гурта мае дачыненне да культавай панк-фармацыі «Кальян». Разам з Deviation яны калісьці рухалі панк-рок у светлую будучыню. «Бацька любіць толькі Колю» — бадай, апошняя песня Кальяну, якую я пачуў. Пасля з’явіліся Dzieciuki — самабытны і драйвовы фолк-панк.

 
 
 
 
 
 

Самабытнасць прыйшла адтуль, адкуль яе не чакалі, — з тэкстаў. Калі б Dzieciuki трапілі ў мае вушы перад паступленнем у «кулёк», то я б стоадсоткава накіраваў бы свой бунтарскі дух на гістфак БДУ. Тэксты гарадзенцаў — кароткая гісторыя той Беларусі, якую нам паказвае толькі Youtube і «Белсат». Таму, калі я даведаўся пра выступ гурта, то на 80% быў упэўнены, што канцэрт не адбудзецца. Безгустоўнасць, экстрэмізм — «артыкулы», якія шыюць гурту ўсялякія “культурніцкія” камітэты. Таму кожны выступ Дзецюкоў у краіне — латэрэя: адбудзецца ці не адбудзецца.

 
 
 
 
 
 

У 2014 годзе берасцейскі канцэрт не адбыўся. Тады людзі ў чорным наклалі забарон на культурна-масавае мерапрыемства. Але праз чатыры гады гурт выступіў у горадзе дзякуючы кіраўніцтву паба «Coyote». Dzieciuki прыехалі не адны, а разам з гуртам SND. Дарэчы, гурт граў якасна і бадзёра. Здаецца, што ў сталіцы панк-року проста не могуць халтурыць. Пакуль гарадзенцы выконвалі свой бадзёры панк, мы з фатографам вырашылі дабавіць крышачку бунтарства ў сваё цела пасродкам праглынання куфалю-другога піва.

 
 
 
 
 
 
 

На дапамогу прыйшоў бар у лазні. Піва там каштуе 1,80, а узровень сервісу нічым не горш за Карову. За душэўнымі размовамі мы не заўважылі, як гадзіннік паказаў за 20:00. Самы час рухацца ў Coyote, дзе сабралося каля сотнi чалавек. Dzieciuki пачалі без асобых прэлюдыяў і залупілі сходу Давыда Гарадзенскага з апошняй плыткі «Рэха».

Народ у Coyote сабраўся невыпадковы. Адразу ж пачаліся характэрныя для панк-року (і не толькі) пляскі: слэм, серкл-піт, а ў некаторых выпадках і стэйдж-дайвінг. Так, дзесьці на «Паходнай» адзін з хлопцаў прапанаваў мне праверыць свае косці на трываласць. «Чаму б і не», — падумаў я і падняўся на прыступкі сцэны.

 
 
 
 
 
 

Ныраць у натоўп было страшна, але куфаль піва ў страўніку і адрэналін у крыві далі мне гэта зрабіць. Плыць па руках людзей — неперадаваемае пачуцце. Па ўзроўню кайфу можна параўнаць з сэксам з каханай дзяўчынай. Ніякія забароненыя рэчывы нават і не стаялі побач.

 
 
 
 
 
 

Вядома, што панк — музыка супраціву. У нядзелю Coyote стаў пляцоўкай, дзе не знайшлося месца для ксенафобіі і розных відаў агрэсіі. Яднанне і салідарнасць – вось, што аб’яднала ўсіх «кайотаўскіх» людзей у той вечар. Танчылі ўсе, незалежна ад ўзросту. Так, на «Частуханах» бацька адплясываў разам з сынам, што сядзеў у яго на плячах. Кульмінацыяй канцэрту стала вольнае прачытанне італьянскай «Bella Chao». «Калі ж загіну, то за Радзіму. Сягоньня – я, заўтра – ён, паслязаўтра – ты… А аўтамат мой аддайце сыну! Паўстануць новыя шыхты!». Здаецца, яшчэ крыху — і мой кадык не вытрымаў бы такіх галасавых нагрузак.

 
 
 
 
 
 
 

Голас голасам, але wall of death таксама трэба было замуціць. Ідэальным штрыхкодам для»смяротнай сцяны» стаў «Касюшка». Пад трэк пачалося нешта неверагоднае: людзі падалі, гублялі акуляры, падымаліся і зноўку кідаліся ў палыхаючае пекла. З такім тэмпам стаміўся бы нават марафонец. Трохмінуткай адпачынку і магчымасці задумацца аб такой жудаснай з’яве, як «чырвоны тэрор», стала песня «1937». Прайшло 80 год з моманту, калі савецкая саранча знішчыла амаль усю беларускую інтэлігенцыю. Каб аддаць пашану, на момант выканання трэка людзі селі на падлогу.

 
 
 
 
 
 
 

Прадфінальным акордам стаў «Эпілог» — песня на словы скідзельскага паэта Алеся Чобата. На яго вершы саліст гурта Алесь Дзянісаў у гэтым годзе запісаў сольны альбом пад назвай «Кароткая гісторыя Беларусі». Ідэолагі забаранілі прэзентацыю альбома ў Менску, саслаўшыся на нізкі мастацкі ўзровень. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя. 

 
 
 
 
 
 
 

Пасля без усякіх эківокаў прагучалi тры песні: «Гародня», «Косю» і «Партызанская». На апошняй другі вакаліст гурта Павал Трублін кінуўся ў натоўп з мікрафонам. Хваля данесла яго да цэнтру пляцоўкі, дзе ён разам з людзьмі спяваў радкі «Сонейка ўзыйшло, маці, збірайся ў лес, баця, бяры ружжо». Я таксама паспрабаваў сябе ў ролі вакаліста, дзеручы горла ў мікрафон што ёсць моцы. На такой яскравай ноце гурт скончыў сваё выступленне, а ўдзячная публіка скандынавала «Dzieciuki».

 
 
 
 
 
 
 

Тое, што адбылося ўчора, — гэта «гістарычная х…ня» для горада. Панк пакрыху пачаў вылазіць з гаражоў і прабуджацца. Выступ «Дзецюкоў» — першы крок у бок нашай з вамі лібертарыярнай будучыні. Хто б чаго не казаў, але Dzieciuki — гэта сапраўдны панк-рок. Пацыфіская пазіцыя гурта і адмаўленне ўсякіх ярлыкоў і штампаў гэта яскрава пацвярджаюць.

Фота — Раман Чмель

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Правовая информация

ООО БИНКЛБАЙ УНП 291432476

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: